9.03.2021 Літаратура, Падзея

Тадэвуш Далэнга-Мастовіч у беларускіх перакладах

Чарговая сустрэча з цыкла “Санаторый пад клепсідрай” будзе прысвечана творчасці Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча – класіка польскай міжваеннай літаратуры, народжанага ў Беларусі.

Асноўныя тэмы размовы:

  • Ад журнальнай фельетаністыкі да раманаў-бестсэлераў.
  • Прычыны шалёнага поспеху ў чытачоў.
  • Грамадска-палітычная сатыра пісьменніка. (“Кар’ера Нікадэма Дызмы”).
  • Прыгодніцкі жанр у раманістыцы літаратара.
  • Беларускія матывы ў творчасці польскага аўтара.
  • “Кінематаграфічнасць” прозы пісьменніка і яго экранізацыі.
  • Т.Далэнга-Мастовіч як сцэнарыст.
  • “Знахар” у версіях Міхала Вашыньскага і Ежы Гофмана.
  • Масавая літаратура ці правераная часам класіка?
  • Як перакладчыкі працуюць у камандзе? (пра падрыхтоўку беларускага выдання “Знахара”).
  • Раманы пісьменніка на старонках часопіса “Полымя”.
  • Прэзентацыя часопіснай публікацыі “Кар’еры Нікадэма Дызмы”.

З удзелам перакладчыкаў  Марыі Пушкінай і Алеся Емяльянава-Шыловіча і галоўнай рэдактаркі часопіса “Полымя” Алены Мальчэўскай.

Мадэратар Андрэй Хадановіч.

Сустрэча ў прамым эфіры адбудзецца 9 сакавіка а 18-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку

Тадэвуш Далэнга-Мастовіч (польск.: Tadeusz DołęgaMostowicz) (1898-1939) – польскі пісьменнік, празаік, сцэнарыст і журналіст.
Нарадзіўся  10 жніўня 1898 года ў маёнтку Акунёва,  цяпер Глыбоцкі раён. Сын Стэфана і Станіславы з роду Паповічаў. Бацька Тадэвуша арандаваў маёнтак, дзе вёў узорную гаспадарку, якая лічылася адной з найлепшых у акрузе. Успаміны пра дзяцінства, якое прайшло ў атмасферы дабрабыту і спакою, і пра асяроддзе, у якім жыла мясцовая шляхта, ляжаць у аснове многіх аповесцяў Т. Далэнгі-Мастовіча. Пазней сям’я перабралася ў Глыбокае. Глыбоцкі дом Мастовічаў знаходзіўся на вуліцы Кракаўскай (цяпер на гэтым месцы размяшчаецца дом №2 па вул. Савецкай).

Пачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1915 г. Падчас навучання ў гімназіі ўдзельнічаў у нелегальных патрыятычных арганізацыях. У Кіеўскім універсітэце быў членам Польскай ваеннай арганізацыі. У 1917 годзе спыніў навучанне і выправіўся ў Варшаву, дзе добраахвотнікам пайшоў у польскую армію. Удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне.

У 1922-1926 гг.  быў супрацоўнікам, а потым рэдактарам газеты “Rzeczpospolita”; пісаў фельетоны пад псеўданімам “C. hr. Zan”.  У сваёй публіцыстыцы, сярод іншага,  пісаў пра палітычна далікатныя справы.

У 1927 годзе яго збілі невядомыя злачынцы. Як паведамляе ў прадмове да рамана “Балванчыкі” Юзаф Рураўскі, пісьменнік быў выкрадзены 8 верасня 1927 года з вуліцы Груецкай, гвалтоўна зацягнуты ў машыну, вывезены ў раён Янкі пад Варшавай, збіты ў лесе і кінуты ў яму. Яго выратаваў ад смерці селянін, які выпадкова праходзіў міма. На думку апазіцыі гэта была спроба запалохаць (або нават ліквідаваць) фельетаніста, які крытыкаваў урад. Здарэнне моцна падарвала здароўе пісьменніка, ён спыніў журналісцкую дзейнасць і заняўся літаратурнай.

У 1932 годзе выйшаў яго галоўны раман – “Кар’ера Нікадыма Дызмы”, у якім ён выкрываў механізмы, якімі кіравалася тагачасная польская палітычная эліта.

Пасля вялікага выдавецкага поспеху рамана Далэнга-Мастовіч заняўся выключна літаратурнай дзейнасцю. У 30-я гады быў аўтарам некалькіх кніг і рэалізаваных кінасцэнарыяў. У сярэднім, ён пісаў 2 раманы ў год (агулам напісаў 16). Дзякуючы папулярнасці сваіх твораў, ён значна палепшыў сваё матэрыяльнае становішча.

Ёсць некалькі версій апошніх хвілін жыцця Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча. Вядома, што ён загінуў у памежным мястэчку Куты, але няясна, пры якіх абставінах. Верагодна, гэта адбылося падчас бою польскага патруля, якім ён камандаваў, з савецкімі салдатамі. Паводле версіі Зыгмунта Анташэўскага, пісьменнік павінен быў заехаць у Куты з польска-румынскай мяжы, каб раздаць галадаючым жыхарам хлеб, пакінуты ў казармах. У гэты час у горад увайшлі савецкія войскі і тры савецкія танкі абстралялі машыну з польскімі салдатамі, якія адступілі ў бок маста. Па словах відавочцы, Далэнга-Мастовіч павінен быў загінуць у машыне падчас кулямётнага абстрэлу. Па іншай версіі, пісьменнік загінуў ад рук савецкіх салдат, калі марудзіў здацца ў палон і здаць зброю. Існуе таксама версія, што яго забіў савецкі салдат, якія зацікавіўся яго ботамі. Не вызначана і дакладная дата смерці. Сярод гісторыкаў пераважае меркаванне, што гэта адбылося 20 верасня, але існуе меркаванне, што гэта адбылося на 2 дні раней – 18 верасня.

Першапачаткова ён быў пахаваны ў Кутах 22 верасня 1939 года мясцовымі палякамі, якія паставілі надмагільны помнік (з надпісам на ўкраінскай мове) і гадамі клапаціліся пра яго. Яго прах быў перавезены ў Варшаву 24 лістапада 1978 года і пахаваны ў катакомбах на Павонзкаўскіх могілках. Прысвечаная пісьменніку эпітафія знаходзіцца ў клуатры (левы шэраг) варшаўскага касцёла Святога Антонія Падуанскага.

 Творчасць

Аўтар больш 10 раманаў, сярод якіх “Апошняя брыгада” (1930), “Кар’ера Нікадыма Дызмы” (1932), “Балванчыкі” (1932), “Пракурорка” (1933), “Браты Дальч і Ко” (1933), “Доктар Мурэк” і “Другое жыццё доктара Мурка” (1936), “Знахар” (1937) , “Тры сэрцы” (1938), “Прафесар Вільчур” (1939), “Дзённік пані Ганкі” (1939).

Менш вядомымі ў сённяшні час (але таксама вельмі папулярнымі ў 30-я гады) з’яўляюцца г.зв. раманы для жанчын: “Трэці пол” (1934), “Свет пані Маліноўскай” (1934) і дылогія “Залатая Маска” (1935) і “Высокія парогі” (1935).

Усе творы Далэнгі-Мастовіча, акрамя “Кар’еры Нікадыма Дызмы”, “Знахара” і “Прафесара Вільчура”, у 1951 годзе трапілі пад цэнзуру ў Польшчы і падлягалі неадкладнай канфіскацыі з бібліятэк.

Ужо да вайны значная частка яго раманаў была экранізаваная, некаторыя з фільмы набылі вялікую папулярнасць: “Пракурорка” (1933), “Знахар” (1937), “Прафесар Вільчур”(1938), “Тры сэрцы” (1939).


“Санаторый пад клепсідрай”: анлайн-чытанні польскай літаратуры па-беларуску

“Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі, а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.
Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай”

Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы. Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх некалькі нобелеўскіх лаўрэатаў і лаўрэатак. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.

Scheduled Літаратура Падзея