Чарговая сустрэча з цыкла «Санаторый пад клепсідрай» будзе прысвечана Цыпрыяну Камілю Норвіду (1821-1883) – польскаму паэту, празаіку, драматургу, эсэісту, графіку, скульптару, мастаку і філосафу. Яго часта называюць адным з найважнейшых польскіх паэтаў-рамантыкаў.
Большую частку жыцця ён правёў за мяжой, у прыватнасці ў Парыжы, жывучы ў галечы і зарабляючы толькі выпадковай працай. Творчасць Норвіда, складаная для разумення яго сучаснікамі, была забытая пасля яго смерці. Ён быў адкрыты наноў толькі ў перыяд неарамантычнага руху Маладой Польшчы.
У сваёй творчасці Норвід апеляваў да нацыянальных і агульнаеўрапейскіх традыцый і ў той жа час быў адважным наватарам.
„Творчы ўклад Норвіда ў сучасную польскую літаратуру, а ў больш шырокім сэнсе ў польскую культуру, велізарны, у многіх сферах вырашальны. У знак прызнання заслуг для польскага мастацтва, для польскага інтэлектуальнага жыцця і польскай культуры, у двухсотгоддзе з дня нараджэння, Сейм Рэспублікі Польшча аб’явіў 2021 Годам Цыпрыяна Норвіда”, – гаворыцца ў паведамленні.
Асноўныя тэмы размовы:
- Як у Цыпрыяна Ксаверы Герарда Валенты з’явілася імя Каміль?
- “Найлепшы паэт сярод мастакоў і найлепшы мастак сярод паэтаў”.
- Што адрознівае Норвіда ад польскіх рамантыкаў старэйшага пакалення?
- Чаму ХІХ ст. недаацаніла лірыка, а па-сапраўднаму адкрыла толькі стагоддзе ХХ?
- “Сумую, Пане…”: настальгія і патрыятызм паэта-эмігранта.
- “Я песню, як чайку, Табе дасылаю”: грамадзянскія матывы ў вершах Норвіда.
- “Памяці Бема жалобная рапсодыя”: майстэрства паэтычнай стылізацыі.
- “…Што зорка мая была адчайнай”: інтымная лірыка Норвіда.
- Норвідаўскі гратэск, іронія, сатыра.
- Між Каханоўскім і Лецам: жанр фрашкі ў творчасці паэта.
- “Норвіду гэта ўжо не пашкодзіць”: пасмяротны лёс спадчыны паэта.
- Норвід і музыка. Вершы паэта ў музычных кампазіцыях Чэслава Немэна.
- Беларускія перастварэнні Норвіда. Кніга “Ідзі за мною” ў перакладах Алега Мінкіна.
У межах сустрэчы адбыдзецца прэзентацыя новага нумару інтэрактыўнага часопіса “SZTUKA. Мастацтва вельмі польскае” з падборкай матэрыялаў, прысвечаных Ц.К.Норвіду.
Спецыяльны госць – музычны крытык і пісьменнік Дзмітрый Падбярэзскі. Мадэратар Андрэй Хадановіч.
Сустрэча адбудзецца ў прамым эфіры ў аўторак 13 красавіка а 18-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку
“Санаторый пад клепсідрай”: анлайн-чытанні польскай літаратуры па-беларуску
“Тут мы рэактывуем мінулы час з усімі яго магчымасцямі, а значыць, і з магчымасцю ачуняць”.
Бруна Шульц “Санаторый пад клепсідрай”
Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы. Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх некалькі нобелеўскіх лаўрэатаў і лаўрэатак. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.